ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1882,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць аўстра-венг. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Штуршком да яго паслужыла ўвядзенне воінскай павіннасці (закон ад 4.11.1881). Пачалося з нападу групы ўзбр. сялян ноччу 10 студз. на жандарскую казарму ў г. Улог, потым пашырылася на Паўн.-Усх. Герцагавіну і Паўд.-Усх. Боснію; ва Улогу (стаў цэнтрам паўстання) быў створаны орган улады паўстанцаў — меджліс. У студз.—лют. дрэнна ўзброеныя паўстанцы на чале з С.Кавачавічам і С.Фортам намагаліся заняць гарады Фоча і Трнава. Задушана ў крас. аўстравенг. войскамі пад камандаваннем фельдмаршала Іаванавіча.
т. 5, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)